Што такое 193.1?
Артыкул Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які пераўтварае ў злачынства любую супольную дзейнасць людзей, шкодзіць развіццю грамадзянскай супольнасці, парушае прынцыпы свабоды аб'яднанняў і не адпавядае міжнародным стандартам правоў чалавека
Арганізацыя дзейнасці або ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонда, у стасунку да якіх маецца законнае рашэнне паўнамоцнага органа аб іх ліквідацыі або прыпыненні дзейнасці, якое ўступіла ў сілу, а таксама арганізацыя дзейнасці або ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонда, якія не прайшлі дзяржаўную рэгістрацыю ва ўстаноўленым парадку, пры адсутнасці прызнакаў злачынства, прадугледжанага арт 423.1 КК, - караюцца штрафам, або арыштам, або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух год.
Заўвагі
  1. 1. Пад удзелам у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду ў гэтым артыкуле разумеюцца дзеянні, накіраваныя на дасягненне мэт пазначаных партыі, аб'яднання, арганізацыі або фонду, у тым ліку вызначаных у іх статутных і іншых дакументах.
2. Дзеянне гэтага артыкула не распаўсюджваецца на арганізацыю дзейнасці або ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду, у дачыненні да якіх ёсць рашэнне ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа, якое ўступіла ў законную сілу, аб прыпыненні іх дзейнасці, накіраванае на ліквідацыю парушэнняў, якія паслужылі падставай для прыпынення дзейнасці, а таксама на арганізацыю дзейнасці або ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду, звязаныя з іх дзяржаўнай рэгістрацыяй ва ўстаноўленым парадку.
3. Асоба, якая добраахвотна спыніла дзеянні, прадугледжаныя гэтым артыкулам, і заявіла аб гэтым дзяржаўным органам, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці, калі ў яго дзеяннях не ўтрымліваецца складу іншага злачынства. Гэта палажэнне не распаўсюджваецца на асоб, якія ўчынілі аналагічныя дзеянні на працягу двух гадоў пасля добраахвотнага спынення дзеянняў, прадугледжаных гэтым артыкулам.
Пра артыкул 193.1
Максімальная адказнасць - пазбаўленне волі на тэрмін да двух год.
Артыкул 193.1 неабгрунтавана абмяжоўвае свабоду аб'яднанняў у Беларусі
У студзені 2022 году ў Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь пасля 2,5 гадовага перапынку быў унесены арт.193.1, які вяртае крымінальную адказнасць за арганізацыю дзейнасці або ўдзел у дзейнасці ў незарэгістраваных аб'яднаннях.

Гэты артыкул, чарговы інструмент запалохвання і ціску на актывістаў грамадзянскай супольнасці, быў уведзены на хвалі масавай ліквідацыі НКА. Толькі з ліпеня 2021 па верасень 2022 года больш за тысячу НКА падпалі пад прымусовую ліквідацыю па рашэнні дзяржорганаў альбо спынілі сваю дзейнасць пад ціcкам неспрыяльных умоваў для працы. Сітуацыя ўскладняецца складанай працэдурай дзяржаўнай рэгістрацыі новых арганізацыяў, якая дазваляе чыноўнікам адвольна заблакаваць рэгістрацыю якой-кольвек новай НКА: некаторыя ініцыятывы дзесяцігоддзямі безпаспяхова падаюць дакументы на рэгістрацыю.

Па папярэдняй рэдакцыі арт. 193.1, якая існавала ў беларускім Крымінальным кодэксе з 2005 па 2019 год, прысуды за ўдзел у дзейнасці незарэгістраваных арганізацый былі вынесены ў дачыненні не менш чым 18 чалавек, а дзясяткам іншых былі вынесеныя афіцыйныя папярэджанні пракуратуры. Пад ціскам міжнароднай супольнасці ў 2019 годзе арт.193.1 быў перанесены ў Адміністрацыйны кодэкс Рэспублікі Беларусь на хвалі агульнай лібералізацыі.

Сама наяўнасць гэтага артыкула перашкаджае нармальнаму развіццю грамадзянскай супольнасці ў краіне. Ён трактуе як злачынства практычна любую самастойную ініцыятыву грамадзянаў. Парушае права грамадзянаў на аб'яднанне і супярэчыць Усеагульнай Дэкларацыі Правоў Чалавека, Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах ды іншым міжнародным прававым абавязкам, якія ўзяла на сябе Рэспубліка Беларусь. І сваёй жа Канстытуцыі, якая артыкулам 36 замацоўвае права кожнага на свабоду аб'яднанняў.

Крымінальная адказнасць за дзейнасць незарэгістраванай арганізацыі існуе таксама ў Алжыры, Бахрэйне, Мьянме, Егіпце, Угандзе і Сірыі (па дадзеных FIDH).
Частыя пытанні
Юрыдычныя заключэнні і звароты арганізацый
БХК звярнуўся ў міжнародныя структуры.
Заключэнне па адпаведнасці арт. 193.1 Канстытуцыі і міжнародным актам, ратыфікаваным краінай.
Абмяжоўваецца не толькі свабода аб'яднанняў, але і свабода меркаванняў і іх выказванне, у неапраўданай ступені.
Практыка выкарыстання 193.1
Гісторыя прымянення
1
Увядзенне артыкула (2005)
Артыкул 193.1 быў уведзены 15 снежня 2005 на хвалі падрыхтоўкі беларускіх уладаў да прэзідэнцкіх выбараў 2006, мэтай якой было ўдаскналенне прававых механізмаў палітычных рэпрэсій. У той час было выдадзена некалькі нарматыўных актаў, якія істотным чынам абмежавалі магчымасці для палітычных дзеянняў з боку апазыцыі і ўзмацнілі санкцыі за “палітычныя” правапарушэнні.
2
Пакаранні і папярэджанні (2005-2019)
Па артыкуле былі асуджаныя не менш за 18 чалавек. Асноўная колькасць прыцягненняў паводле артыкулу прыпала на 2006 і 2007 гады (перад- і паслявыбарчы перыяд). Дакладная колькасць папярэджаных і асуджаных не вядомая.
3
Адмена артыкула (2019)
Грамадзянская супольнасць актыўна адвакатавала адмену арт. 193.1 і скасаванне забароны на дзейнасць незарэгістраваных аб’яднанняў ва ўсіх актах заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
На фоне агульнай лібералізацыі палітычнага рэжыму ў чэрвені 2019 арт. 193.1 быў перанесены з Крымінальнага кодэксу ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях.
4
Вяртанне артыкула (2022)
Законам ад 5.01.2022 артыкул 193.1 быў вернуты ў Крымінальны кодэкс і зноў набыў моц ад 22.01.2022, ізноў на хвалі рэпрэсій. Тэкст артыкула амаль ідэнтычны таму, які існаваў да 2019 года. Адзінае новаўвядзенне - палажэнне пра тое, што арт. 193.1 не будзе прымяняцца ў выпадках, калі прымяняецца больш суровы арт. 423.1 КК РБ, які тычыцца невыканання рашэння пра прыпыненне і ліквідацыю арганізацый, прызнаных экстрымісцкімі.
Задайце пытанне ці паведаміце пра інцыдэнт
Паведаміце пра выпадак прымянення артыкула або пакіньце ў форме сваё пытанне і атрымайце адказ на email.
Калі ласка, пакіньце сапраўдны email, на яго будзе дасланы адказ
Вы можаце пакінуць сапраўднае імя або падпісацца псеўданімам