Падстава для ліквідацыі бізнэс-структуры і ўзбуджанай крымінальнай справы – вынікі праверкі з боку пракуратуры Гродзенскай вобласці і ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў па Гродзенскай вобласці.
«У парушэнне заканадаўства суб'ект гаспадарання акрамя прадугледжанай статутам дзейнасці рэалізоўваў мэты і задачы грамадскага абʼяднання, якое не было зарэгістравана ў Рэспубліцы Беларусь ва ўстаноўленым законам парадку», – напісала пракуратура.
У кватэрах старшыні Галоўнай рады Саюза палякаў Беларусі Ірэны Валюсь і намесніцы старшыні Рэнаты Дземянчук адбыліся ператрусы. На гэтых службовых асоб незарэгістраванага Саюза палякаў завялі крымінальную справу. Іх жадаюць прыцягнуць да адказнасці па арт. 193.1 Крымінальнага кодэкса Беларусі (Незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага абʼяднання і ўдзел у ёй). Пакаранне прадугледжвае да двух гадоў пазбаўлення волі.
Саюз палякаў існуе з 1990 года. Саюз ствараў цэнтры вывучэння польскай культуры і польскай мовы, падтрымліваў культурныя, рэлігійныя сувязі з Польшчай. У 2005 годзе ў Саюзе палякаў адбыўся раскол. Старшынём Саюзу спачатку выбралі Анжаліку Борыс, але гэта выклікала канфлікт. У выніку ўзніклі два саюзы: зарэгістраваны праўладны, які прызнаецца Мінскам і не прызнаецца Варшавай, і незарэгістраваны неафіцыйны Саюз палякаў, які не прызнае Мінск, але прызнае Варшава. З таго часу неафіцыйны саюз рэгулярна падвяргаўся рэпрэсіям з боку ўладаў Беларусі. За кратамі да гэтага часу знаходзіцца адзін з лідэраў Саюза палякаў Анджэй Пачобут. Яго затрымалі па «справе палякаў» у сакавіку 2021 года. Таксама па гэтай справе ў сакавіку 2021 года затрымалі Анжаліку Борыс.
У верасні 2022 года ўлады пачалі ліквідацыю грамадскага абʼяднання «Вспульнота палякаў» а таксама ліквідавалі грамадскую арганізацыю «Польска Мацеж школьна», якая займалася адукацыяй на польскай мове.