Гэта значыць, што супраць сябраў незарэгістраваных аб’яднанняў ужывалі не артыкул 193.1, які ў ліпені 2019 года страціў сілу, а аналагічны па змесце артыкул 24.57 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Па ім за дзейнасць у складзе незарэгістраванай арганізацыі прадугледжваўся штраф. Што цікава, справы па такіх артыкулах маглі ініцыяваць і разглядаць Міністэрства юстыцыі і органы МУС – суды ў іх не былі ангажаваныя.
Нельга сказаць што артыкул 24.57 КаАП быў мёртвай нормай, якая не працуе. Але, канешне, за сваю нядоўгую гісторыю ў 2 з паловай гады ўжываўся параўнальна рэдка.
У 2021 годзе праваабаронцам стала вядома як мінімум пра тры такія выпадкі. Цікава, што два з іх звязаныя з дабрачыннасцю і сацыяльнай дапамогай.
У красавіку 2021 года аддзел па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю затрымаў 34-гадовага мінчука, які «арганізаваў фонд па дастаўцы прадуктаў «пацярпелым ад рэпрэсій»». Гаворка ішла аб праекце «Вожык», удзельнікі якога маглі аплаціць прадуктовыя наборы для тых, хто мае патрэбу. МУС сцвярджала, што мінчук пад выглядам дабрачыннасці займаўся спекуляцыяй: «На сваім сайце ён указваў максімальны рынкавы кошт прадуктаў, а насамрэч чакаў, калі набярэцца вялікая колькасць заказаў, каб потым купіць іх істотна танней, па аптовых коштах». Затрыманага прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці «за незаконную арганізацыю і ўдзел у дзейнасці фонду, які не прайшоў ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю». Якое менавіта пакаранне яму прызначылі, не паведамлялася.
Іншым асуджаным па артыкуле 24.57 КаАП у 2021 годзе стаў кіраўнік страйкаму «Беларуськалія» Анатоль Бокун. 9 траўня яго выклікалі ў аддзел па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю для азнаямлення з адміністрацыйным матэрыялам, але актывіст адмовіўся. Разгляд справы адбываўся ў РУУС за зачыненымі дзвярыма, а пра падрабязнасці справы правапарушальнік не можа казаць з-за падпіскі аб неразгалошванні. «Магу толькі сказаць, што мяне абвінавачвалі ў арганізацыі фонду дапамогі страйкоўцаў шахцёраў. Вынік – 10 базавых штрафу», – сказаў працоўны лідар.
Варта адзначыць, што ў верасні 2020 года, праз месяц пасля прэзідэнцкіх выбараў, Мінюст нагадваў аб адказнасці па артыкуле 24.57 КаАП стваральнікам фондаў дапамогі пацярпелым на акцыях пратэсту.